Паварот да Горадна (Краўцоў)

Ізноў я тут. Цябе вітаю,Мой родны Горадзен стары!Ізноў па вуліцах лятаюДа самай позняе пары.

З цябе нацешыцца няможнаПасля разлукі ў тры гады!Як міла плітачка тут кожна,Дамы, бульварчыкі, сады.

Хрыбты мастоў пераламаных.Ахвяры скончанай вайны,Шкада мне вас, параскіданых,Ўдалыя Нёмнавы сыны!

І ты — нямога пасяджэнняМагутны замак — як жывеш?Праб’е часіна адраджэння —Ізноў ты, мілы, загудзеш!

А ты… ты — Нёман бела-сіні…Ой, як харошы, дарагі!Старыя хвоі, як багіні,Твае бароняць берагі.

Цяпер нядоляй пілігрымаСюды загнаны незнарок,Твой быстры бег лаўлю вачыма,Гляджу і ўдоўж, і ўпапярок.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Вітай жа, Горадзен, дзяцінуТваіх муроў, твае раллі,Хоць ты прытулішчам будзь сыну —Выгнанцу роднае зямлі!

Comentarios

Cargando comentarios…