Прапануем да спампаваньня!
Пераклады з Вэрлена друкуюцца з дзьвёх крыніц. Дзевяць нумароў — з газэт (№№ 223 і 230 з „Нашае Нівы“ 1913-га г.; №№ 211, 213, 215, 216, 219, 220, 224 — з „Нашае Будучыны“ 1923 г.; астатнія дванаццаць нумароў — чарнавых аўтографаў. Усе яны канчаткова да друку былі падрыхтаваны поэтам ў 1912-м годзе (ліст А. Луцкевіча ад 3-VI—25 г. з копіямі некаторых вершаў і лістоў поэты). Парадак друкаваньня перакладаў прыняты Літаратурнай Камісіяй той, які быў вызначаны самім поэтам у пісьме да рэдакцыі „Н. Нівы“ ад 31-VII-1912 г. (дадаткі да ліста А. Луцкевіча ад 3-VI—25 г.). З пералічаных поэтам у гэтым лісьце вершаў не знашлося толькі аднаго — „Ракаўкі“, а ў канцы групы перакладаў з Вэрлена дадзены яшчэ адзін пераклад („Млоснасьць“ пад № 216), перадрукаваны з „Н. Н.“ 1913-га году, якога няма ў сьпісе поэты. Пераклады з Вэрлена зроблены месцамі добра і з боку перадачы зьместу і з боку набліжэньня да мастацкага стылю орыгіналу. Але некаторыя месцы павінны быць прызнаны ня зусім закончанымі і нават няяснымі ў сэнсе, што прыходзіцца аднесьці часткаю на орыгінал, часам даволі складана скомпанаваны, а часткаю на няўдалы пераклад. Да гэткіх ня зусім ясных месц у ўвагах даецца роўналежны тэкст з орыгіналу па выданьні „Euvres complètes de Paule Verlaine. Tome premier. Paris. 1911.“
210. Рыцар Няшчасьце… Выдаецца з аўтографу, які захаваўся ў папцы з чарнавымі рукапісамі (IV, № 3, 13). Пераклад вершу P. Verlaine „Bon chevalier masqué qui chevauche en silence“ з разьдзелу „Sagesse“. (Разьдзелы вершаў П. Вэрлена паказваюцца з вышэйпамянёнага выданьня). Перакладзены асклепіадаўскім вершам (гл. в. „Памятнік“ № 199).
Comentarios
Cargando comentarios…