Глебка)

Translated by Пятро Глебка

Вольнасць (Пушкін

ОдаСыйдзі з вачэй маіх далоў,Цытэры кволая ўладарка!Дзе ты, дзе ты, граза цароў,Свабоды гордая пяснярка?Прыдзі вянок мой растаптацьІ ліру спешчаную гэту —Хачу апець свабоду свету,На тронах ганьбу пакараць.

Вядзі мяне на знатны следТаго узвышанага гала,Каго сама між слаўных бедНа гімны смелыя натхняла.Свавольнай долі пестуны,Тыраны подлыя! дрыжыце!А вы, нявольнікі, ідзіце,Паўстаньце, бедныя сыны!

На жаль! з якіх ні глянь старон —Скрозь бізуны і скрозь кайданы.Ганебны, пагубны законІ плач няволяй змардаваных;Скрозь ў забабоннай мгле густойСядзіць няправедная ўладаЯк геній рабства, як прынадаІ прага славы ракавой.

Адно над царскай галавойТам не лягло людзей мучэнне,Дзе зліта з вольнасцю святойЗаконаў моцных спалучэнне;Дзе распасцёрг іх шчыт для ўсіх,Дзе ўзняты грамадзян рукаміАднолькава над галаваміБез выбару меч свішча іх

І смела тне, як мае быць,Злачынства праведным размахам;Дзе іх рукі не падкупіцьНі прагнай скупасцю, ні страхам.Уладары! Вянок і тронДае закон вам — не прырода —Вы стаіце вышэй народа,Але вышэй за вас закон.

І гора ўсім плямёнам там,Дзе дрэмле ён неасцярожна,Дзе ці народу ці царамЗаконам уладарыць можна.Цябе за сведку я заву,О мучанік памылак слаўных.Што ў шуме навальніц нядаўныхЗлажыў за продкаў галаву.

На смерць выходзіць ЛюдавікІ на вачах свайго патомстваЧалом развенчаным прынікДа здраднай плахі вераломства.Маўчыць закон — народ маўчыць,Падзе злачынная сякіра...І — ліхадзейская парфіраНа галах скованых ляжыць.

Самаўладарны ліхадзей!Цябе, твой трон я пагарджаю,Тваю пагібель, смерць дзяцейЗ вялікай радасцю вітаю.На лоб праклёны твой ляглі,Чытаюць іх усе народы,Ты ганьба свату, жах прыроды,Дакор ты богу на зямлі.

Калі на змрочную НевуЗара паўночная зіяеІ сон спакойны галавуНезаклапочана схіляе,Пясняр задумлівы глядзіцьНа помнік страшнага тырана —Палац, што грозна пад туманамЗабыццю кінуты стаіць —

І чуе Кліі голас ёнЗа тымі страшнымі мурамі,І Калігулы блізкі сконЁн бачыць ярка прад вачамі,Ён бачыць — ў залатых крыжах,Ад злосці і віна п’яныяІдуць забойцы патайныя,На тварах зух, а ў сэрцы страх.

Маўчыць няверны вартавы,Апушчан моўчкі мост пад’ёмны,Вароты насцеж ў бок НевыРасчынены рукой наёмнай...О жах! о ганьба нашых дзён!Звярамі рвуцца янычары!..Падуць бясслаўныя удары —Злачынцу ўвенчанаму скон.

І вось — вучыцеся, цары:Ні ўзнагароды, ні каранне,Ні турмаў кроў, ні алтарыДля вас яшчэ не ўратаванне.Раней за іншых галавойСхіліцеся пад схоў закона,І стануць вечнай вартай тронаНародаў вольнасць і спакой.

Comments

Loading comments…